top of page

   Помнiм, шануем, ганарымся

65.png

 

282804265.gif

Акупацыйны рэжым

           Дрыбін быў заняты нямецка-фашысцкімі войскамі 14 ліпеня 1941 г. На працягу двух наступных дзён яны акупіравалі ўвесь Дрыбінскі раён. З першых дзён акупацыі раёна захопнікі ўстанавілі жорсткі тэрор.Уся паўната ўлады належала фашысцкім ваенным і цывільным акупацыйным уладам. Насельніцтва было пазбаўлена элементарных грамадзянскіх правоў, былі ўведзены надзвычайнае становішча і сістэма заложнікаў. Акупанты прызначылі ў валасцях бургамістраў, стварылі паліцэйскі гарнізон у Дрыбіне і паліцэйскія ўчасткі ў валасцях, пачалі ўводзіць «новы парадак».

         Абапіраючыся на сістэму ваенных і паліцэйскіх гарнізонаў, акупанты праводзілі падатковую палітыку, накіраваную на адбіранне ў насельніцтва як мага большай колькасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Жорсткі рэжым паднявольнай працы і бесчалавечная эксплуатацыя таксама ўваходзілі ў паняцце «новага парадку». Сельскае насельніцтва абкладалася непасільнымі падаткамі, разнастайнымі працоўнымі павіннасцямі, якія неабмежавана мог прызначаць любы прадстаўнік адміністрацыі.

         Жыхары Дрыбінскага раёна перажывалі сваё жудаснае гора разам з усім народам Беларусі, тэрыторыя якой была захоплена гітлераўскімі войскамі да верасня 1941 г. Устаноўлены гітлераўцамі акупацыйны рэжым распрацоўваўся загадзя, асноўныя яго палажэнні выкладзены ў плане «Барбароса», які вызначаў стратэгію і тактыку нападу на СССР, у генеральным плане «Ост», што ўтрымліваў праграму каланізацыі і германізацыі Усходняй Еўропы, у «Інструкцыі пра асобныя вобласці» да дырэктывы №21 плана «Барбароса» (13.3.1941 г.), іншых дырэктывах, інструкцыях, загадах, дакументах галоўнакамандавання ўзброенымі сіламі і адпаведных ведамстваў фашысцкай Германіі. Яшчэ да пачатку агрэсіі быў таксама распрацаваны план падзелу  захопленых тэрыторый.

          Новы адміністрацыйны падзел, расчляненне тэрыторыі рэспублікі на часткі быў у асноўным завершаны восенню 1941 г.  У выніку Беларусь была зведзена  да чацвёртай часткі яе даваеннай тэрыторыі (68 раёнаў тагачасных Баранавіцкай, Вілейскай, Мінскай і Пінскай абласцей). Гэтая тэрыторыя, на якой пражывала 3 млн. 258 тыс. чалавек (22,9% насельніцтва БССР на пачатку вайны), атрымала назву Генеральная акруга Беларусі (Беларутэніі, як гітлераўцы называлі Беларусь). Гэтая акруга разам з Латвіяй, Літвой і Эстоніяй была ўключана ў склад рэйхскамісарыята Остланд з цэнтрам у Рызе. Астатняя тэрыторыя рэспублікі па частках была далучана: да рэйхскамісарыята Украіна – паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласцей; у склад Усходняй Прусіі – паўночная частка Брэсцкай вобласці, Беластоцкая вобласць з гарадамі Гродна і Ваўкавыск. Усходняя частка беларусі (Віцебская, Магілёўская, большая частка Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і Палескай абласцей) уваходзіла ў зону армейскага тылу. Межы яе не былі пастаяннымі, яны змяняліся адносна становішча лініі савецка-германскага фронту.

         Магілёўскую вобласць акупанты ў адміністрацыйных адносінах падзялілі на 2 часткі: на Магілёўскую вобласць з цэнтам у Магілёве і Бабруйскую – з цэнтрам у Бабруйску. У склад Магілёўскай вобласці ўвайшлі 15 раёнаў: Магілёўскі, Быхаўскі, Чавускі, Бялыніцкі, Прапойскі (зараз Слаўгарадскі), Чэрыкаўскі, Крычаўскі, Шклоўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Краснапольскі, Хоцімскі, Касцюковіцкі, Мсціслаўскі, Клімавіцкі. Раёны былі падзелены на воласці, якія ў асноўным адпавядалі межам даваенных сельскіх Саветаў. Кожныя 9 – 11 валасцей аб’ядноўваліся ў так званыя станы [Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), ф. 3500, воп. 1, спр. 39, л. 20].   

         Уся ўлада належала нямецкім камендатурам, начальнікам раёнаў. Воласці ўзначальвалі бургамістры, вёскі – старасты з мясцовых жыхароў. На чале станаў былі станавыя прыставы, якім былі падпарадкаваны ўраднікі і стражнікі [іх у кожнай воласці было па 9 – 11 чалавек (НАРБ, ф. 3500, воп. 1, спр. 39, л. 22)]. Усе акупацыйныя ўлады абапіраліся на размешчаныя па раёнах нямецкія войскі, гарнізоны і апорныя пункты, жандармерыю і паліцыю.

          Жыццё насельніцтва рэгламентавалася шматлікімі загадамі і распараджэннямі вайсковых і цывільных акупацыйных улад. Быў уведзены каменданцкі час, праведзена абавязковая рэгістрацыя ўсяго насельніцтва, зменены назвы вуліц і плошчаў. Забаранялася мець радыёпрыёмнікі і фотаапараты, даваць прытулак чужым людзям, асабліва чырвонаармейцам. За парушэнне нямецкага «парадку» людзей збівалі, кідалі ў турмы, растрэльвалі, вешалі. У Дрыбіне амаль кожны дзень вешалі па 2 – 7 чалавек (НАРБ, ф. 3500, воп. 4, спр. 125, л. 17).

         Тэрыторыя Беларусі разглядалася акупантамі як адна з крыніц забеспячэння сельскагаспадарчай прадукцыяй групы армій «Цэнтр», як пастаўшчык збожжа, жывёлы, лёну, торфу для Германіі. Гэтыя патрэбы спаганяліся праз сістэму падаткаў і розных пабораў, правядзеннем экспедыцый па зборы сельгаспрадукцыі, у час карных экспедыцый супраць партызан і мясцовага насельніцтва.

         Калгасы былі ліквідаваны, замест іх ствараліся абшчынныя гаспадаркі. Пры падзеле зямлі паміж сялянамі ўлічвалася іх «надзейнасць». Тыя, хто прыслужваў акупантам, атрымлівалі да 200 га зямлі (там жа, л. 14). Жыхары Дрыбінскага раёна павінны былі плаціць наступныя падаткі: 12 – 20 пудоў збожжа з аднаго гектара, 360 – 400 л малака з каровы, 40 – 50 яек з курыцы (там жа, с.14 – 15). Плацілі падворны падатак у памеры 120 руб., падатак на працаздольнага па 60 руб., за карову – 100, авечку ці свінню – па 50, за сабаку – 100, кошку – 32, за акно, што выходзіць на вуліцу – 20 – 25, дарожны падатак – 35 руб. Школьны падатак складаў 135 руб., а калі дзіця хадзіла ў школу, то трэба было дадаткова здаць яшчэ 5 пудоў хлеба. У раёне працавала адна бальніца на 15 – 20 ложкаў. За яе наведванне першы раз плацілі 3 руб., другі раз – 5 руб. Лячэнне ў бальніцы абыходзілася ў 10 руб. За суткі – пры сваіх харчах і бялізне (там жа, с.14 – 15).

         На ўтрыманні сялян знаходзілася адміністрацыя раёна, валасцей, вёсак, паліцыі (на ўтрыманне паліцэйскіх кожная вёска здавала да 8 пудоў хлеба ў год). Акрамя гэтага, па вёсках і мястэчках збіралі сена, салому, цёплае адзенне і г.д. Для забеспячэння вайскоўцаў з кожнай вёскі забіралі ў два тыдні па 2 – 3 каровы. У выніку без кароў засталіся жыхары многіх вёсак. Забіралі і коней, таму ў вёсках адзін конь прыходзіўся на 4 – 5, а то і на 6 – 8 двароў (там жа, л. 15).

         Рабілася спроба адкрыць школу ў Дрыбіне. Але яе наведвала мала вучняў, таму яна хутка была зачынена. У 1941/42 навучальным годзе школы ў раёне не працавалі. Школьныя памяшканні, у тым ліку і памяшканне Дрыбінскай сярэдняй школы, былі заняты пад казармы для нямецкіх вайскоўцаў. Нягледзячы на тое, што школы не працавалі, школьны падатак з жыхароў раёна збіраўся рэгулярна. З вясны 1942 г. ў Дрыбінскім раёне функцыяніравалі 2 царквы – у Дрыбіне і Расне. У Дрыбіне пад царкву быў заняты дом культуры.

         Гітлераўскім кіраўніцтвам Беларусь уключалася ў сферу «жыццёвай прасторы» і гэтым быў вырашаны лёс яе насельніцтва. У сваёй большасці яно павінна было саступіць месца нямецкім каланістам. Для вырашэння гэтай задачы яшчэ ў 1940 г. быў распрацаваны план «Ost» («Усход»), згодна з якім 75% беларусаў лічыліся непатрэбнымі. Менавіта гэтая частка насельніцтва падлягала высяленню або знішчэнню. Адстатнія 25% падлягалі анямечванню, выкарыстанню ў якасці прыгонных. Па меры павелічэння колькасці каланістаў мясцовае насельніцтва павінна было планамерна скарачацца.

         Планы акупантаў рэалізоўваліся ў першую чаргу вынішчэннем насельніцтва. Людзі гінулі ў час бамбёжак, артабстрэлаў, прамых забойстваў нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэтую карціну дапаўнялі тэрор, самавольства, цынічнае насілле. Шматлікія загады, цыркуляры, інструкцыі дазвалялі служачым вермахта знішчаць цывільнае насельніцтва для «падтрымання парадку», «забеспячэння бяспекі тылу». З першых дзён акупацыі пачаліся забойствы камуністаў, савецкіх актывістаў, чырвонаармейцаў.  У пасёлку станцыі Цёмны лес былі арыштаваны і расстраляны 7 актывістаў.

         Пагалоўнаму знішчэнню падлягалі грамадзяне яўрэйскай нацыянальнасці – у адпаведнасці з нацыскай тэорыяй іх расавай непаўнацэннасці. Знішчэнне яўрэяў адбывалася ў Дрыбіне, Расне, Пічаўцы. Як сведчыць жыхарка Дрыбіна В.Пратасенка, у калгасным садзе яўрэяў прымусілі выкапаць 2 равы, да якіх і прыганялі яўрэяў на расстрэл. Усяго там было забіта каля 800 яўрэяў (там жа, ф. 861, воп. 1, спр. 8, л. 25 – 29). Гэтаксама рабілася і ў мястэчку Расна. Там была выкапана яма даўжынёй 25 м, шырынёй 6,5 м  глыбінёй 4 м. Да яе групамі прыганялі ахвяр. Перад расстрэлам у жанчын адбіралі дзяцей і жывымі кідалі ў роў з расстралянымі, а потым усіх засыпалі зямлёй. У Расне гітлераўцы пакінулі жывымі некалькі дзяўчат і жанчын, з якіх здекваліся: на іх, босых, у адных кашулях, вазілі ваду, а праз некалькі дзён забілі (там жа, ф. 3500, воп. 4, спр. 125, л. 15). Усяго ў Расне было закатавана 600 яўрэяў, выратавацца ўдалося адзінкам (там жа, ф. 861, воп. 1, спр. 9, л. 152 – 153). Столькі ж яўрэяў загінула і ў вёсцы Чэрнеўка (л. 302 – 304).

          Значныя страты нанеслі акупанты раёну пры карных аперацыях, у час якіх было знішчана 29 вёсак. Усяго ў раёне загінула 3148 мірных жыхароў, у тым ліку ў Дрыбіне 2496 чалавек (Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941 – 1945. Мн., 1990, с. 202).

Р.А.Чарнаглазава

Дакументы сведчаць

unnamed.gif
bottom of page