top of page
обложка1.png

Аналітычная даведка
аб рабоце Расненскай бібліятэкі-філіяла Дзяржаўнай установы культуры
«Дрыбінская бібліятэчная сетка»,
удзельніцы XXІХ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры»
у намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання»
 
     Гісторыя Расненскай бібліятэкі-філіяла пачынаецца з 1925 года, на сённяшні час яна з’яўляецца лідарам сярод бібліятэк Дрыбінскага раёна ў сферы распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных форм работы, базай перадавога вопыту ў галіне экалагічнага выхавання.
     З 2017 года ў Расненскай бібліятэцы-філіяле працуе бібліятэкар 1 катэгорыі Каралёва Майя Пятроўна. (Дадатак № 1).
    Зараз бібліятэка аграгарадка Расна размешчана ў асобным будынку з чатырма пакоямі, адзін з іх прыстасаваны пад экалагічны пакой «Зялёная краіна», які стаў візітнай карткай бібліятэкі. Тут вельмі шмат пакаёвых раслін. Умоўна ён падзяляецца на некалькі зон: зону асветы, зону калекцый і зону дасягненняў. У зоне асветы аформлены выставачны комплекс «На ўсіх адна зямля» з раздзеламі «Цуды прыроды роднай Беларусі», «Па старонках Чырвонай кнігі», «Лясныя казкі і былі», «Кнігі аб дзіўных жывёлах», «Пярнатыя сябры», «Таямніцы раслін», дзе размешчаны дакументы па экалогіі. Тут жа ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены тэматычныя папкі «Жизнь после Чернобыля», «Дети рисуют природу», «Жить согласно с природой», «Экологический календарь» і друкаваная прадукцыя бібліятэкі. Зона калекцый прадстаўлена работамі з прыродных матэрыялаў членаў клуба «Муравьишки» і калекцыяй карысных выкапняў. Сертыфікаты за ўдзел у акцыях, дыпломы, падзякі і артыкулы ў прафесійных часопісах прадстаўлены ў зоне дасягненняў. (Дадатак № 2).
     Працягваючы работу папярэдніх калег па экалагічнай асвеце, у рамках мэтавай праграмы «Каждый в ответе за жизнь на планете», былі распрацаваны і паспяхова выкананы два праекты «Багацце зямлі дрыбінскай» (2018) і «Зялёная карта Дрыбінскага раёна» (2019–2020).
     Галоўная мэта першага – распрацоўка ўнікальнага выдання аб непаўторных прыродных аб`ектах Дрыбіншчыны, якія ахоўваюцца дзяржавай. Бібліятэкай упершыню была здзейснена спроба акумуляцыі інфармацыі і выдання ўнікальнай брашуры пра выдатныя прыродныя мясціны дрыбінскай зямлі, што значна паспрыяла ўзбагачэнню краязнаўчага фонда бібліятэк раёна, прадстаўленню Дрыбіншчыны як маляўнічага куточка Магілёўшчыны, прывабнага для экатурыстаў, што асабліва стала актуальным у Гады малой радзімы. (Кніга «Багацце зямлі дрыбінскай»).
     Інфармацыя збіралася з розных крыніц – кніжных выданняў, афіцыйных дакументаў Дрыбінскага райвыканкама, інтэрнет-крыніц і г.д. Вялікую дапамогу аказала кіраўніцтва Дрыбінскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па прадастаўленню неабходных дакументаў і інфармацыі, фотаздымкаў і апісанняў.
     Пад час працы над кнігай «Багацце зямлі дрыбінскай» нарадзілася ініцыятыва стварэння яшчэ аднаго выдання. Работа над «Красной книгой Дрибинского района» вялася адначасова з першай. Тут асобна прадстаўлены рэдкія віды дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Дрыбіншчыны і падлягаюць ахове. (Кніга «Красная книга Дрибинского района»). 
     Па створаным выданням прайшла прэзентацыя «Багацце зямлі дрыбінскай». На сустрэчу сабраліся прадстаўнікі выканаўчай і мясцовых органаў улады, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, краязнаўцы, прадстаўнікі настаўніцкай і творчай інтэлігенцыі, жыхары аграгарадка Расна. (Дадатак № 3).
     Шырокі рэзананс выклікала асвятленне навіны ў СМІ аб выхадзе ў свет выданняў. Так, інфармацыю можна знайсці на сайце Дрыбінскага раённага выканаўчага камітэта, ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка», на інфармацыйным рэсурсе horki.info, на партале “news.21.by”. Былі публікацыі на старонках друкаванай раённай газеты «Савецкая вёска» і анлайн-версіі газеты «Дрибин. Новости города», на асабістай старонцы «ВКонтакте».
     Былі падрыхтаваны буктрэйлеры на кнігі «Багацце зямлі дрыбінскай» і «Красная книга Дрибинского района» для дэманстрацыі на святлодыёдным экране-білбордзе, што размешчаны на цэнтральнай плошчы г.п. Дрыбін, для гасцей і жыхароў горада. Пазнаёміцца з імі можна на YouTube канале Дрыбінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. (Дадатак № 4).
     Распрацаваны мэтавы праект стаў выдатнай асновай для адкрыцця экалагічнага дзіцячага клуба «Муравьишки». Юныя натуралісты прымаюць удзел у экалагічных акцыях, дапамагаюць у падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў, на пасяджэннях клуба робяць вырабы з прыродных і іншых матэрыялаў, упрыгожваюць бібліятэку і прастору вакол яе. Некалькі разоў ладзілася падарожжа на гідралагічны помнік мясцовага значэння «Грымячая крыніца», праводзіўся гістарычны экскурс да касцёла «Святога Казіміра», помніка архітэктуры 18 стагоддзя. Час фальклору на свята Івана Купалы быў праведзены каля мясцовага возера. Пад час фіталекцыі, запрошаны госць, супрацоўнік мясцовага музея, распавядала цікавыя аповеды пра лекавыя расліны на лугу каля вёскі і пачаставала смачным травяным чаем з мёдам. Ладзяцца паходы за прыроднымі матэрыяламі, а таксама гульні на свежым паветры. (Дадатак № 5).
     Прадаўжаючы папулярызацыю прыроднага багацця дрыбінскай зямлі, наяўнасць назапашанага матэрыялу і неабходнасць выхаду ў электроннае асяроддзе, стала асновай для распрацоўкі другога праекта «Зялёная карта Дрыбінскага раёна». Яго мэта – складанне інтэрактыўнай карты помнікаў прыроды дрыбіншчыны «Зялёная карта Дрыбінскага раёна» на інтэрнэт-сэрвісе Google Карты. На карце размешчаны чатыры батанічных помнікі і адзін гідралагічны. Даецца апісанне, фотаздымкі і афіцыйныя дакументы. Пазнаёміцца з картай можна на сайце ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка». Карта стала выдатным дапаможнікам у працы бібліятэк раёна. Да яе звяртаюцца настаўнікі і навучэнцы школ Дрыбіншчыны.
     Яскравым мерапрыемствам, пад час якога выкарыстоўвалася карта, стаў эка-тур «Грымячая крыніца». Паведамленне пра помнікі прыроды, дапоўненае фотаздымкамі, дапамагло дзецям больш поўна пра іх дазнацца. А падарожжа да бліжэйшага помніка прыроды, Грымячай крыніцы, стала цудоўным дадаткам да мерапрыемства. Пад час паходу з’явілася ідэя стварэння выдання аб гэтым маляўнічым куточку. Наяўнасць літаратурных твораў пісьменнікаў-землякоў пра крыніцу, паспрыяла стварэнню паэтычнага фотаальбома «Эцюды Грымячай крыніцы». (Кніга «Эцюды Грымячай крыніцы»). (Дадатак № 6).
     У рамках праектаў бібліятэка прыняла ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных акцыях. Кожны год бібліятэка заклікае да ўдзелу ў Міжнароднай акцыі «Час Зямлі». У людных месцах аграгарадка размяшчае абвесткі з заклікам да аднавяскоўцаў прыняць удзел у акцыі. Такія ж аб’явы прадстаўляюцца кожнаму наведвальніку бібліятэкі напярэдадні і ў дзень акцыі. Актывісты з эка-клуба «Муравьишки» раздаюць мінакам на вуліцах вёскі інфармацыйныя флаеры і тлумачаць мэты акцыі. За ўдзел у акцыі і актыўную грамадскую пазіцыю бібліятэкар штогод атрымлівае імянны Сертыфікат удзельніка ад імя дырэктара WWF Расіі.
     У 2018 годзе пад куратарствам ГЛХУ Горацкі лясгаз «Расненскае лясніцтва», бібліятэкар далучылася да рэспубліканскай акцыі «Нядзеля лесу», а ў 2020, суместна з актывістамі эка-клуба, да рэспубліканскай акцыі «Чысты лес». Таксама разам з дзецьмі праводзілі ўборку берагавой зоны возера, пад час акцыі «Чистый берег».  
     Штогод бібліятэка праводзіць акцыю «Покормите птиц зимой». Робяцца кармушкі, якія потым размяшчаюцца каля бібліятэкі і дамоў удзельнікаў клуба, ладзіцца выстава-савет, выдаецца друкаваная прадукцыя.
     Напрацягу 2019 года ў бібліятэцы праходзіла акцыя «Батарейка, сдавайся!». Была аформлена зона, у якой стаяла ёмкасць для адпрацаваных батарэек і інфармацыйныя матэрыялы, якія распавядалі чаму нельга выкідваць батарэйкі ў агульнае смецце. У рамках акцыі былі праведзены: інформ-хвілінка «Маленькая опасность», экаўрок «Сделаем мир чище» і інш.
     У рамках рэспубліканскай акцыі «Единый день безопасности» бібліятэка ладзіць сітуацыйныя гульні, афармляе інфармацыйныя стэнды пра правілы паводзін на прыродзе.
     Пад час раённага Месячніка па навядзенні парадку бібліятэка выступіла ініцыятарам эка-моба «Чыстая вясна» каля грамадскай альтанкі – месца адпачынку жыхароў аграгарадка. Пасля збору смецця ад хлапцоў і дзяўчат паступіла прапанова ўпрыгожыць адно з дрэў. Каля бібліятэкі было абрана «вясновае дрэва пажаданняў» і юныя эколагі павязалі на яго галінках рознакаляровыя стужачкі з пажаданнямі святла, прыгажосці і чысціні. На наступны год Расненская бібліятэка з выхаванцамі ДУА «Раснянская дапаможная школа-інтэрнат» і актывістамі клуба «Муравьишки», арганізавала экалагічны дэсант да той жа альтанкі. У ходзе дэсанту падлеткі разам з дарослымі сабралі смецце, прыбралі леташнія траву і лісце. Трэба адзначыць, што ў параўнанні з мінулым годам, смецця стала значна меней. Але ўсім хапіла работы і ў гэтым годзе! Хлопцы і дзяўчаты выклалі з пустых бутэлек слова «эко» і сфатаграфаваліся з ім. У канцы дэсанту на альтанцы былі прыклеены лістоўкі з заклікам забіраць смецце з сабою. Пакінуўшы месца адпачынку ў чысціні, усе вярнуліся ў бібліятэку, дзе іх чакалі цікавыя і пазнавальныя кнігі аб прыродзе, жывёлах і раслінах. (Дадатак № 7).
     Адной з неад’емных частак выхавання любові да чытання і прыгажосці навакольнага свету ў бібліятэцы з’яўляецца афармленне яе інтэр’еру. Пры арганізацыі выстаў і адкрытых праглядаў бібліятэкар прымяняе розныя спосабы раскрыцця бібліятэчнага фонда: на стэлажах, стэндах, сталах, на вокнах і дапаўняе рознымі прадметамі. Выставы-інсталяцыі «Чытаем беларускую кнігу», «Рециклинг или вторая жизнь отходов» – пра раздзельны збор смецця, «Ёлка желаний», выстава-колератэрапія «Книга цвета «осень», выстава-настрой «Осенний букет поэзии», выстава-персаналія пісьменніка-земляка У. Бутрамеева «Порог родного дома», выстава-прагляд «Память сердца» - да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і інш – яскравы таму прыклад. (Дадатак № 8).
     Бібліятэка ладзіць выставы на маршруце бібліобуса, прымае ўдзел у Днях вёсак, выязджае з інфармацыйна-сацыяльным поездам «Забота». На выставах прадстаўлены дакументы пра гісторыю нашай краіны, раёна і Расненскага сельскага выканаўчага камітэту, літаратурныя творы пісьменнікаў-землякоў. Выдавецкая дзейнасць бібліятэкі была прадстаўлена на выставе «Дрыбін. Ведай наша» у раздзеле «Наша багацце» на V рэгіянальным фестывалі паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». (Дадатак № 9).
     Рэалізацыі мэтавых праектаў і прывабліванню дзяцей і падлеткаў у бібліятэку таксама садзейнічаў незвычайны, ярка аформлены дзіцячы куток, дзе ўвазе маленькіх наведвальнікаў былі прадстаўлены інтэрактыўныя выставы, дапоўненыя разнастайнымі цікавымі прадметамі. Тут часта праводзіліся інавацыйныя масавыя мерапрыемствы, індывідуальныя гутаркі-абмеркаванні прачытаных кніг. У 2018 годзе гэта былі «Кніжныя жмуркі», у 2019 годзе «Кніжнае лета», а ў 2020 годзе «Літаратурная мемо-гульня». (Дадатак № 10).
     Адначасова з распрацаванымі экалагічнымі праектамі, бібліятэкар надавала ўвагу іншым накірункам працы і значным падзеям беларускага календара. Пад час летніх канікул мерапрыемствы ў асноўным праводзяцца на пляцоўцы каля бібліятэкі.
     Незвычайным стала правядзенне эка-дыскатэкі «Там на невиданных дорожках». На свежым паветры дзеткі танцавалі, гулялі ў гульні і з зацікаўленасцю знаёміліся з выставай «Истории из чемодана».
     Квэст-гульня «Победит дружба» выявіў, хто разумней і спрытней - дзяўчынкі ці хлапчукі. Каманды збіралі пазлы з фотаздымкаў мясцовасці і павінны былі назваць месца, якое там сфатаграфавана. Потым яны атрымалі крыжаванкі, адказы на якія накіроўвалі да наступнай падказкі, дзе яны знайшлі рэбусы, якія было патрэбна разгадаць. Падарунак чакаў удзельнікаў у Расненскім СДК, дзе і былі падведзены вынікі.
     Да адкрыцця дзіцячай гульнявой пляцоўкі ў аграгарадку бібліятэкар, сумесна з удзельнікамі клуба, распрацавала эка-чамадан вандроўніка «Почитай-ка с муравьишкой». У ім апынуліся самыя цікавыя і пазнавальныя кнігі, па меркаванню «муравьишек» і атрыбутыка для фотаздымкаў.
     У рамках Другіх Еўрапейскіх гульняў бібліятэка арганізавала свае першалетнія бібліятэчныя гульні па чытанні «Быстрее. Умнее. Четче». Дзеці 6-8 гадоў змагаліся ў трох конкурсах: па скарачытанні, адказвалі на пытанні віктарыны, выразна чыталі твор пісьменніка-земляка В. С. Кудлачова.
     У 2020 годзе ў сувязі з абмежаваннем кантактаў, змяніўся падыход да правядзення масавых мерапрыемстваў. Так, да Дня аховы дзяцей бібліятэкар распрацавала электронную літаратурную віктарыну «Своя игра», якая была праведзена ў школьным лагеры. (Дадатак № 11).
     Кожны год пад час «Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі» бібліятэкай праводзіцца шэраг мерапрыемстваў: кніжны вернісаж «Животные, растения, насекомые вокруг нас», урок-трэнінг «Рециклинг или вторая жизнь отходов», агляд-гульня «Я шагаю по земле» па творчасці пісьменнікаў-землякоў Н. Д. Кавалёвай і В. С. Кудлачова і інш.
     У адзін з дзён Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі бібліятэка пераўтварылася ў сапраўдны «Экзатычны заапарк». У ролі жывёл выступалі дзеці са школьнага лагера адпачынку, якім на ўваходзе ў бібліятэку былі намалёваны стылізаваныя мордачкі звяроў і прымацаваны вушкі. Пад час мерапрыемства «Вясёлыя звераняты» прымалі характэрныя позы звяроў, адгадвалі жывёл па апісанню хваста, успаміналі гукі, што выдаюць жывёлы і з задавальненнем пазіравалі на камеру.
     Любімыя кнігі і яркая атрыбутыка для фотаздымкаў прынесла станоўчыя і незабыўныя ўражанні дзецям пад час Дня адчыненых дзвярэй «Кніжны мір». (Дадатак № 12).
     У мэтах фарміравання і развіцця ў падрастаючага пакалення павагі да самабытнай культуры і папулярызацыі фальклору праведзены калядныя вячоркі «Пад чыстым небам Ражства», якія прашлі каля эка-ёлкі пажаданняў зробленай з галінак дрэў. Пад час мерапрыемства бібліятэкар распавядала як калядавалі нашы продкі, якія павер’і звязаны з гэтай ноччу, і быў зачытаны твор Н. Д. Кавалёвай «Як у лесе калядуюць».
     Яшчэ адно фальклорнае свята ладзіцца на масленічным тыдні. Бібліятэкар расказвае як святкавалі гэтае свята, у якія гульні гулялі нашы дзяды, бабулі, чаму спальвалі пудзіла і частаваліся блінамі. (Дадатак № 13).
     Майя Пятроўна надае ўвагу і самым маленькім жыхарам вёскі – будучым чытачам бібліятэкі. Яна наведваецца ў госці ў ДУА «Расненскі яслі-сад», праводзіць разнастайныя мерапрыемствы і прыносіць самыя лепшыя і цікавыя кнігі.
     Так, да Дня кошак былі падрыхтаваны і праведзены экачытанні «Кошачья планета». Дзеці дазналіся шмат цікавых фактаў аб пухнатых сябрах, намалявалі фантастычных катоў, якія засялілі «Кота-планету», паслухалі цікавую казку «Любопытный котенок» і пазнаёміліся з іншымі літаратурнымі катамі з дапамогай выставы «Мур-мяў».
     Да 125-годдзя В. В. Біянкі была праведзена  літаратурная гульня «Переводчик с бессловесного». Дзеткі пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка, паслухалі яго апавяданне «Кто чем поет?», разгадалі загадкі пра птушак, паглядзелі мультфільм «Как муравьишка домой спешил» і з зацікаўленасцю разглядалі кнігі аўтара.
     У Міжнародны дзень роднай мовы, пад вясёлы вершык цягніка, накіраваліся ў пазнавальнае падарожжа «Па старонках роднай мовы». На прыпынку «Знаёмства» іх чакала гульня з мячом. На прыпынку «Ветлівыя словы» – навучыліся вітацца па-беларуску. На «Павучальнай» станцыі знаходлівы селянін-бядняк Несцерка загадаў загадкі пра кнігу і расказаў пра першадрукара Францыска Скарыну. Скончылася падарожжа на прыпынку «Беларуская гульня».
     Пад час ЭКА-споведа «Исчезающая красота», малышы дазналіся пра Чырвоную кнігу Беларусі, пра неабходнасць ахоўваць і зберагаць прыроду, каб старонкі кнігі не папаўняліся новымі відамі звяроў і раслін. Бібліятэкар расказала і пра краснакніжнікаў дрыбіншчыны. Асобая ўвага надалася раку шырокапальцаму, месца пражывання якога як раз у возеры аграгарадка Расна.
     Знаёмства з казкамі адбылося пад час Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Выстава «Любімыя казкі» радавала дзетак на працягу ўсяго Тыдня, а каталог-маляванка дазволіў не толькі распазнаць казкі, але і размаляваць іх. (Дадатак № 14).
     Бібліятэка актыўна прымае ўдзел у метадычнай працы. На базе бібліятэкі праводзіўся раённы семінар «Уникальный потенциал краеведческой деятельности в публичных библиотеках Дрибинского района», на якім быў прадстаўлены мэтавы праект «Зялёная карта Дрыбінскага раёна».
     Асвятленне мэтавага праекта «Багацце зямлі дрыбінскай» адбылося на дзелавой сустрэчы «Современная библиотека: взгляд в будущее»; сваю дзейнасць за год бібліятэка прадстаўляла на семінарах «Библиотеки района: итоги деятельности за 2018 год и перспективы развития на 2019 год» і «Библиотеки района: итоги деятельности за 2019 год и перспективы развития на 2020 год».
     Работа з дзецьмі пад час летніх канікул прадстаўлялася на семінарах  «Библиотека для юных пользователей – территория больших возможностей» (2019 год) і на дне творчай ініцыятывы «Мастерство - залог успеха» (2018) (Дадатак № 15).
     Інфармацыю аб дзейнасці бібліятэкі можна знайсці на сайце ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка», ДУА «Расненскі-яслі сад», ДУА «Расненская сярэдняя школа», ДУА «Раснянская дапаможная школа-інтэрнат». Артыкулы друкуюцца ў мясцовай газеце «Савецкая вёска», прафесійных выданнях «Веснік бібліятэк» (Магілёў) і «Бібліятэчны свет» і інш. (Дадатак № 16).
     Вопыт работы бібліятэкі па экалагічнаму выхаванню, укараненню інавацыйных форм неаднаразова станоўча адзначаўся кіраўніцтвам ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка» і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама.
     За ўдзел у прафесійным аглядзе-конкурсе буктрэйлераў  «Кніга. Новы фармат» атрымала заахвочвальны дыплом за буктрэйлер па кнізе В. Гардзея «Малая дзіцячая чырвоная кніга» і дыплом за 2 месца ў раённым этапе конкурса буктрэйлераў «Кніга з экрана» па кнізе В. Быкава «Дажыць да світання». У 2019 годзе бібліятэкар прыняла ўдзел у Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі.
     Майя Пятроўна на дасягнутых поспехах спыняцца не збіраецца і будзе падтрымліваць статус адной з лепшых бібліятэк раёна і метадычнага цэнтра па экалагічна-краязнаўчым накірунку. (Дадатак № 17).
     Матэрыялы да ўдзелу ў XXІХ рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» прадстаўлены на афіцыйным сайце ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка»
https://lib-dribin.mogilev.by.
Дырэктар
ДУК «Дрыбінская бібліятэчная сетка»                                                       С.І. Верам’ёва
обложка2.png
bottom of page